Падчас візіту дзяржсакратара Савета бяспекі Аляксандра Вальфовіча ў Пастаўскі раён чыноўніку правялі экскурсію па загадзя падрыхтаваных пазіцыях падраздзялення войскаў тэрытарыяльнай абароны. Прыкметнае месца на адной з пазіцый заняла дзіўная ўстаноўка з чатырох звычайных аўтаматаў АК-74, замацаваных на металічнай канструкцыі рулямі ўверх. Што гэта за збудаванне, для чаго яно прызначанае і наколькі эфектыўным можа быць для вайскоўцаў?

Устаноўка, якую паказалі генерал-лейтэнанту Вальфовічу, складаецца з дзвюх металічных рамаў, злучаных шарнірамі і замацаваных на вертыкальнай стойцы. На верхняй раме — чатыры савецкія аўтаматы АК-74 (асноўная стралковая зброя беларускай арміі). Аўтаматы, падобна, не прывараныя, больш за тое — іх прымацавалі, відаць, зусім нядаўна: рамяні на іх боўтаюцца, то-бок не толькі не знятыя, але нават не зафіксаваныя ля корпуса.
У ніжнюю раму ўстаўленыя два драўляныя брусы. На фота відаць, што зверху над брусамі ёсць тонкія металічныя краты. Хутчэй за ўсё, стваральнікі хацелі абараніць аператара гэтай устаноўкі ад невялікіх гранат, якія скідваюцца з беспілотнікаў. Рашэнне спрэчнае: нават калі такая граната выбухне, захраснуўшы ў гэтых кратах ці адскочыўшы ад яе і зваліўшыся паблізу, радыуса разлёту яе аскепкаў цалкам хопіць для няўдачлівага стралка. Але, магчыма, краты патрэбныя, каб пакласці галінкі ці нацягнуць сетку для маскіроўкі. Зрэшты, у такім выпадку яе б, хутчэй за ўсё, задзейнічалі падчас стварэння дэкарацый для візіту Вольфавіча.
Рама з аўтаматамі можа круціцца па коле, магчыма, на ўсе 360 градусаў. Пра гэта сведчыць тое, што вакол устаноўкі мяшкі з пяском размешчаныя так, каб можна было весці кругавы абстрэл. Рама таксама круціцца па гарызантальнай восі, дзякуючы чаму можна весці агонь уверх пад вялікім вуглом — прыкладна да 75 градусаў.
Усё гэта дазваляе дапусціць, што прылада створаная як сістэма супрацьпаветранай абароны. Чатыры аўтаматы, якія страляюць адначасова, даюць высокую шчыльнасць агню. Тэарэтычна гэта павялічвае шанцы адзіночнага стралка трапіць у дрон, а можа, нават у самалёт ці верталёт, што ляцяць нізка. Але сучасныя ўдарныя верталёты і баявыя самалёты, распаўсюджаныя ў Еўропе, як правіла, маюць абарону ад куляў лёгкай стралковай зброі. Таму галоўная мішэнь для такой устаноўкі — хутчэй за ўсё, беспілотнікі.

Адзначым, што прылады з аб’яднанымі ў адзін блок аўтаматамі АК для барацьбы з беспілотнікамі выкарыстоўваюць абодва бакі цяперашняй расійска-ўкраінскай вайны. У прыватнасці, на ўзбраенні расіян заўважаныя сістэмы, вельмі падобныя да той, якую аглядаў Вальфовіч. Мяркуючы з усяго, менавіта іх канструкцыю і ўзялі за аснову стваральнікі сурагатнай пастаўскай «зеніткі». Расійская ўстаноўка выгадна адрозніваецца ад беларускай тым, што ў ёй не чатыры, а пяць аўтаматаў. І размешчаныя яны на стойцы адразу з чатырох сталёвых апораў. Гэта надае сістэме больш устойлівасці, у той час як беларускую ўстаноўку на адной вертыкальнай трубе падчас вядзення агню будзе бязлітасна хістаць ад моцнай аддачы аўтаматаў.
Акрамя іншых недахопаў, да якіх мы вернемся крыху пазней, расійскі і беларускі агрэгаты аб’ядноўвае агульная загана ў выглядзе адсутнасці прыцэльнай прылады. Мяркуючы з усяго, аператару прапануецца весці стральбу па дробнай і рухомай цэлі проста на вока — што зводзіць на нішто перавагу ў выглядзе высокай шчыльнасці агню. Часткова гэтую праблему можна вырашыць, калі выкарыстоўваць патроны з трасавальнымі кулямі: яны пакідаюць светлавы след, і па іх траекторыі можна хоць неяк карэктаваць агонь. Але ў такім выпадку пазіцыя стралка будзе відаць як на далоні, што ва ўмовах сучаснай вайны амаль раўназначнае яго хуткаму знішчэнню.
Украінцы выкарыстоўваюць падобную па сутнасці ўстаноўку, але зробленую па-іншаму: некалькі аўтаматаў сабраныя ў кальцо з дапамогай спецыяльнай штангі і замацаваныя на апоры-трыножку, на якім могуць круціцца ва ўсе бакі. Гэтая канструкцыя таксама далёкая ад ідэалу, аднак значна лепшая, чым расійская і беларуская: яе аператар, прынамсі, можа цэліцца падчас стральбы, бо сістэма мае агульны кальцавы прыцэл.

У расійскіх каляваенных суполках у сацсетках прылады, падобныя да ўбачанай Вальфовічам, называюць «х*рнёй», з якой на выпрабаваннях «ніхто нікуды не змог трапіць». І сцвярджаюць, што іх выкарыстанне можна смела дадаваць у «скарбонку ганьбы» расійскай арміі.
Сапраўды, гэта тыповы ўзор эрзац-зброі — то-бок нейкага імправізаванага і недарагога ўзору, якім спрабуюць замяніць тое, чаго салдатам не хапае. Так, у самыя напружаныя моманты Другой сусветнай вайны Чырвоная армія, бывала, выкарыстоўвала ў якасці эрзац-танкаў гусенічныя трактары з навешанымі бронеплітамі.
Вядома, пры дастатковым фінансаванні абараняць салдат ад удараў з паветра і ад паветранай разведкі павінныя зенітныя аўтаматычныя гарматы і ракеты разам са сродкамі радыёлакацыйнай барацьбы. Па-першае, спехам замацаваныя на металічнай раме з шарнірамі аўтаматы практычна немагчыма прывесці да дакладнага бою, і нават з прыцэламі агонь з іх будзе зусім не снайперскім.
Па-другое, высокая шчыльнасць агню з іх вельмі кароткачасовая. Стральбу па паветраных цэлях з аўтаматаў мэтазгодна весці бесперапыннымі чэргамі — тады расце імавернасць перасячэння БПЛА ці верталёта з воблакам з куляў. Аднак хуткастрэльнасць АК-74 складае 600 стрэлаў за хвіліну, то-бок магазін з 30 патронаў ён разрадзіць за тры секунды. Пасля чаго ўстаноўку давядзецца даволі доўга перазараджваць, адшпільваючы пустыя магазіны і прышпільваючы поўныя. Больш за тое, АК-74 у прынцыпе не вытрымлівае стральбы настолькі доўгімі чэргамі. Яго ствол хутка пераграецца, пасля чаго аўтамат пачынае «плявацца» — кулі моцна адхіляюцца ад траекторыі, зададзенай руляй.

Ці ёсць хоць нейкі сэнс у выкарыстанні такіх «шматаўтаматных» установак для барацьбы з паветранымі цэлямі? З аднаго боку, яе эфектыўнасць несупастаўная з магчымасцямі нават лёгкай аўтаматычнай зенітнай гарматы накшталт ЗУ-23−2, найпрасцейшым пераносным зенітным ракетным комплексам або сучасным прыстасаваннем радыёэлектроннай барацьбы.
З іншага боку, выкарыстанне такіх сурагатаў можа быць апраўданае ва ўмовах, калі ў арміі проста няма неабходных узораў нармальнай зброі ў патрэбнай колькасці.
Войскі тэрытарыяльнай абароны Беларусі — акурат такі выпадак: яны атрымліваюць узбраенні паводле рэшткавага прынцыпу, у войску проста няма сродкаў СПА для новых батальёнаў, якія ў выпадку вайны павінныя будуць з’явіцца ў кожным з раёнаў краіны. А вось стралковай зброі хапае. Вядома, чатыры навучаныя, добра падрыхтаваныя стралкі маюць больш шанцаў збіць паветраную мішэнь сумесным агнём з АК-74, чым аператар рамкі з чатырох аўтаматаў на нестабільнай апоры і без агульнага прыцэла. Але калі аўтаматаў шмат, а падрыхтаваных стралкоў мала, такое рашэнне выглядае не так і дрэнна. У дадатак недарагая, але экстравагантная і добра прыкметная ўстаноўка цалкам можа ўразіць высокапастаўленага генерала, які прыбыў з праверкай.
Чытайце таксама