«Ты багацейшы — лімузін замовіў, прыехаў твой малы ў школу». Лукашэнка абурыўся выпускнымі і запатрабаваў «не дапускаць расслаення»
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски

апублікавана: 
абноўлена: 

Падчас паездкі ў Магілёўскую вобласць Аляксандр Лукашэнка традыцыйна прайшоўся па шырокім коле пытанняў — пачынаючы ад індывідуальных прадпрымальнікаў, заканчваючы удзелам беларускіх спартоўцаў у Алімпіядзе. Выказаўся ён і пра выпускныя вечары ў школах, паведамляе яго прэс-служба.

Фото: TUT.BY
Фота: TUT.BY

У Лукашэнкі пацікавіліся яго меркаваннем наконт выпускных у школах з паездкамі на лімузінах і святкаваннем у рэстаранах.

«Да таго, пра што вы сказалі, стаўлюся вельмі негатыўна, — адказаў ён. — Гэта мусіць быць свята, куды ідуць дзяўчына, хлопец, за рукі ўзяўшыся, — калектывам. Паскачуць, світанак сустрэнуць».

Ён заявіў, што «нельга дапускаць расслаення», а ўлады робяць усё для таго, «каб стварыць для навучання ў школе роўныя магчымасці».

«Гэтага трэба прытрымлівацца, і нельга пасля заканчэння агульнаадукацыйнай сярэдняй школы рабіць тое, што вы кажаце. Нейкі там „круцяк“ табе дапамог ці ты багацейшы — ты лімузін замовіў, прыехаў твой малы ў школу. А як іншыя глядзяць? А як бацькі глядзяць? Гэта няправільна. Я публічна кажу: нам нельга гэта культываваць, нельга нам гэта падтрымліваць. Гэта кепска», — дадаў ён.

Лукашэнка таксама даручыў узяць пытанне правядзення выпускных на кантроль.

«Не трэба. Душа павінная быць. Мы — душэўныя людзі. Школа, калектыў, бацькі — яны павінныя збірацца, вызначыцца. Прыгожа (каб было. — Заўв. рэд.). Лепш з бацькамі — хаця б першая частка. Потым бацькоў ужо дадому адправяць. У сярэдзіне гэтай урачыстай часткі (выпускнікі. — Заўв. рэд.) пабудуць самі. І сустрэнуць світанак», — выклаў ён рэцэпт ідэальнага, на яго думку, выпускнога.

Нагадаем, выпускныя вечары ў школах Беларусі пройдуць 14 чэрвеня.