Студэнтка юрыдычнага факультэта БДУ расказала, чаго ёй каштавала жаданне пайсці ў чыноўніцы — выглядае, што давялося паставіць кропку ў гісторыі кахання, заўважыла «Наша Ніва».

Юлія Трапачка, студэнтка юрыдычнага факультэта БДУ з Ашмянаў, апублікавала ў сацсетцы Threads пост пра тое, што трапіла на дзяржслужбу. Для гэтага дзяўчыне прыйшлося зрабіць няпросты выбар:
— Ён жыве ў Польшчы і не можа прыязджаць у Беларусь, бо тут армія. Я паступаю на дзяржслужбу і: «Ну вы ж разумееце, што ўсе выезды ў Еўрасаюз вам закрытыя?» — «Так, разумею». А кажуць, лёс не можа развесці людзей.
Юлія паступіла ў БДУ ў 2021 годзе. Выглядае, што цяпер яна сканчвае вучобу і зможа нарэшце працаваць чыноўніцай.
У каментарах дзяўчына трошкі больш расказала пра сваю матывацыю. Юлія кажа, што дзяржслужба — яе мара з дзяцінства. Паводле дзяўчыны, на хлопца, пра якога яна піша, заведзеная крымінальная справа, і Юлія называе гэта яго выбарам.
Магчыма, Юлія так ставіцца да дзяржслужбы, таму што на яе паўплываў прыклад бацькі. Уладзімір Трапачка — член Ашмянскага райсавета дэпутатаў. Таксама ён кіраўнік офіса № 404 «БПС-банка» ў Смаргоні.

Забарона падарожнічаць па Еўропе Юлію быццам не пужае: яна кажа, што ўжо жыла там і ёй не спадабалася. Дзяржслужба ёй падаецца крокам да стабільнасці:
— Я ўсё-ткі абяру будучыню і ў далейшым каханне, а не каханне без будучыні ў чужой краіне.
Меркаванні ў каментарах падзяліліся. Некаторыя карыстальнікі падтрымалі Юлію — маўляў, малайчына, трэба думаць пра сябе. Але многія не разумеюць такі выбар:
- «Вы юрыдычны сканчваеце і ідзяце на дзяржслужбу? МУС ці пракуратура? Можа, і на таго самага хлопца крымінальную справу заводзіць будзеце? Вось так жыццё развяло дык развяло. Нават не ведаю, каму тут спачуваць».
- «Гэта не лёс, гэта нелюбоў».
- «У лёса ёсць канкрэтныя імя, прозвішча, імя па бацьку і кіпцюры, як у кракадзіла».
- «Падтрымліваю вашага маладога чалавека. Слушны выбар ён зрабіў — і што эміграваў, і што пакінуў вас».